пятница, 17 февраля 2017 г.

«Дыяблог» адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы


Беларуская мова прайшла доўгі шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі беларуская ледзь не знікла. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, наша мова вытрымала выпрабаванні і цяпер квітнее, займае сваё пачэснае месца сярод іншых моў свету. Пра «ўчора, сёння і заўтра» беларускага слова пагаворым 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. А ў студыю запросім члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара Аляксандра Лукашанца. Прапануйце вашы пытанні, шаноўныя!

четверг, 2 февраля 2017 г.

Пра «залатое» дзесяцігоддзе беларускай мовы і яго набыткі


20-я гады XX cтагоддзя называюць «залатым» дзесяцігоддзем беларускай мовы... Якія важныя факты з гісторыі беларускага мовазнаўства даюць падставу так гаварыць? Якія традыцыі лінгвістычнай навукі, народжаныя ў той час і да 20-ых гадоў XX cтагоддзя, захаваліся дагэтуль? Гэтыя і іншыя пытанні, дарэчы, і вашы запыты, шаноўныя, я збіраюся прадставіць Дзмітрыю Паўлаўцу - кандыдату філалагічных навук, дацэнту Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Чаму менавіта яму? Мне падаецца, што вучоны, які цікавіцца гісторыяй мовы, ён крышачку і дэтэктыў, захоплены таямніцамі моўных законаў мінулых стагоддзяў і мудрагелістымі, падчас трагічнымі лёсамі людзей, якія імкнуліся гэтыя законы прывесці да пэўнай сістэмы...

понедельник, 23 января 2017 г.

Скарбы дыялектных гаворак у «Дыяблогу пра мову»


Магчыма, для кагосьці будзе адкрыццём, што беларуская мова — адна з самых багатых у свеце. І калі ў літаратурнай мове налічваецца дзесьці 250—500 тысяч слоў, то ў дыялектнай — каля двух мільёнаў! Хутка ў Дыяблогу гутарка пра невычэрпнае багацце дыялектнай мовы.
Наша госця – Вераніка Курцова – загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства имя Я. Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Выказвайце свае думкі, шаноўныя гледачы, рыхтуйце пытанні і далучайцеся да размовы!

четверг, 5 января 2017 г.

«Дыяблог пра мову» сустракае Каляды


   У беларускай мове ўсімі любімае свята мае цэлы шэраг назваў: і Каляды, і Коляды, і Калядкі, і Каляда. Ці славянскае паходжанне мае корань гэтых слоў? Ці адно значэнне хаваецца ў ім? Яшчэ адно цікавае каляднае слова, знаёмае нават самым малым, - куцця. Чаму куцця? Таму што на куце стаяла? Шмат падобных святочных пытанняў назапасілі мы якраз да старога новага года і запрасілі адказаць на іх Алену Кастрыцу – дацэнта кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, кандыдата філалагіічных навук. З ёй мы пагаворым і пра мову прыкмет і павер’яў цудоўнага каляднага часу. Рыхтуйце пытанні і вы, шаноўныя!



среда, 14 декабря 2016 г.

«Дыяблог» сустракае гасцей з Мазыра

Шмат было падстаў запрасіць на перадачу менавіта гасцей з Мазыра. Гэта і імкненне пачуць менавіта мазырскую гаворку, якая разглядаецца навукоўцамі як гаворка паўднёва-заходняга дыялекту; гэта і жаданне пазнаёміцца бліжэй з мастацкім кіраўніком ансамбля народнай музыкі «Радуніца» Міколам Тураўцом – аматарам роднага слова і песні; гэта і магчымасць пагаварыць пра мову мясцовых калядных звычаяў з вясковай настаўніцай Верай Грыц. Спадзяюся, напярэдадні навагодніх святаў у нас атрымаецца не проста цікавая гутарка, а сапраўдная беларуская бяседа – збор гасцей з пачастункамі ды песнямі!

понедельник, 5 декабря 2016 г.

Да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча

…Цямнее край зубчасты бору,

І тчэ, забыўшыся, рука

Заміж персідскага узору

Цвяток радзімы васілька (М. Багдановіч)

Не проста так з“явіліся гэтыя, без перабольшвання скажу, знаёмыя ўсім радкі ў анонсе «Дыяблога». Гэтымі снежаньскімі днямі мы адзначаем 125-я ўгодкі слаўнага сына зямлі беларускай Максіма Багдановіча. Пагаварыць пра асобу паэта, пра яго вялікую прагу да жыцця, любоў да роднага краю, да матчынай мовы мы запрасілі Юлію Мацук – загадчыка культурна-адукацыйнага сектара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Шаноўныя, мы робім гэтую праграму разам; пакідайце вашы думкі і пытанні ў блогу!

понедельник, 28 ноября 2016 г.

Ад мянушкі да прозвішча. «Дыяблог» вітае Васіля Шура

Ці задумваліся вы калі-небудзь, што азначае ваша прозвішча? А прозвішча суседа або калегі? «Дыяблог пра мову» зазірне ў таямніцу прозвішчаў беларусаў. Ці засталіся яшчэ белыя плямы ў «фамільным» пытанні? Калі і як слова «прозвішча» з“явілася і замацавалася ў беларусаў як афіцыйная назва родавага і сямейнага наймення? Дзякуючы чаму стварыўся такі разнастайны набор беларускіх прозвішчаў? Адказаць на гэтыя і іншыя пытанні мы запрасілі паважанага чалавека, доктара філалагічных навук, прафесара Васіля Шура.

Шаноўныя, цікаўцеся, пакідайце свае пытанні ў блогу!