воскресенье, 26 апреля 2015 г.

Мудрасць продкаў


Шырокую вядомасць, распаўсюджанасць і ўжывальнасць прыказак у народзе падмеціў Кандрат Крапіва: “Ёсць такія аматары прыказак, якія чуць не кожны свой крок апраўдваюць прыказкай, чуць не кожны свой выраз аздабляюць ёю”. Прапаную карысную інфармацыю пра ўжыванне некаторых выслоўяў.

І без папа ведаю, што ў нядзелю свята

Наяўнасць гэтага выразу ў нашым лексіконе сведчыць аб тым, што нястачы ў дэмагогах сярод нас не было ніколі. Якая ж патрэба, напрыклад, лішні раз нагадваць дзецям аб тым, што трэба павышаць культурны ўзровень замест таго, каб проста пайсці з імі на выставу? І без папа ведаю, што ў нядзелю свята. Чула я гэты выраз і ў якасці рэакцыі на неканструктыўную крытыку.
– Што ж ты, не бачыш: карціна крыва вісіць? – дакарала суседка свайго сына. – Што я зраблю, калі мур крывы? – злаваў той. – Вось і зрабі, каб яна роўна вісела! А што ў нядзелю свята, я і без папа ведаю.
Такім чынам, адна рэч кагосьці ў чымсьці папракнуць, іншая – падказаць, даць карысную параду. Так што на ўсялякія праявы дэмагогіі ды пустаслоўя можна адказаць народным выразам: і без папа ведаю, што ў нядзелю свята.


"Дарогі Божыя нязведныя"

“Слоўнік беларускіх прыказак” Івана Лепешава і Марыі Якалцэвіч сярод сотняў іншых змяшчае і такую – “неспавядальныя шляхі Гасподнія”. Зразумела, што гэта калька з царкоўнаславянскага “неисповедимы пути Господни”. Але ці сэнсоўная калька? Што такое спавядаць? Па-першае, прымаць, слухаць споведзь: скажам, святар спавядае грэшніка. Таксама спавядаць – гэта выгаворваць некаму, чытаць натацыі. Значэння ‘спазнаваць, выведваць, вызнаваць’ беларускі дзеяслоў спавядаць не мае. Значыць, не перадае біблійнага сэнсу і тая калька, тыя “неспавядальныя шляхі Гасподнія”. У Караткевіча чытаем: “Нявызнаныя шляхі Твае, Пане Божа”. У п’есе Івана Чыгрынава ў рэпліцы знаходзім, што “шляхі Гасподнія няведамы”. Вось жа, шляхі ці дарогі Божыя (Гасподнія) нявызнаныя, неспазнаныя, няведамыя або – яшчэ – нязведныя. Ужывайма гэтыя варыянты, беларускія.

Комментариев нет:

Отправить комментарий